ЛА́ТЭКСЫ СІНТЭТЫ́ЧНЫЯ,

водныя дысперсіі сінт. палімераў. У Л.с. макрамалекулы палімера знаходзяцца ў выглядзе глобул (сярэдні дыяметр 0,01—0,1 мкм). Калоідная сістэма стабілізавана паверхнева-актыўнымі рэчывамі (эмульгатарамі).

Атрымліваюць Л.с. пры полімерызацыі (суполімерызацыі) адпаведных манамераў у водным асяроддзі ці пры эмульгаванні ў вадзе раствораў палімераў (напр., бутылкаўчуку, сінт. поліізапрэну) у арган. растваральніках (такія латэксы наз штучнымі). Паводле хім. саставу палімера адрозніваюць бутадыен-стырольныя, бутадыен-нітрыльныя, хларапрэнавыя і інш. Выкарыстоўваюць для атрымання латэксных вырабаў (пальчаткі, метэаралагічныя абалонкі, гумавыя ніткі), кляёў, фарбаў; для апрэтавання і прамочвання тэкст. вырабаў, апрацоўкі паперы, лакіравання натуральнай і штучнай скуры, надання эластычнасці бетону і інш.

т. 9, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)